?

Log in

No account? Create an account

Найвялікшае свята

Fra Angelico
Фра Беато Анжелико (Fra Beato Angelico). Воскресение.

" Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці — намасьціць Яго. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца, і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй? І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены". (Марк, 16:6)

Ёсць святы ў якія пачуццё асабістай самоты-адзіноты вырастае з гару і прыцімляе сабой усё радаснае і добрае ў гэтыя дні. Даводзіцца заклікаць увесь аптымізм і цвярозы розум, каб ужо зусім не запанурыцца. Ёсць такія святы.

Але ж існуюць зусім іншыя святы, калі сэрца напаўняе ціхая радасць незалежна ад абставін. Уваскрэшанне Хрыстова найвялікшае з іх. Віншую ўсіх, хто святкуе яго ў гэтыя дні. Няхай сэрца поўніцца спазнаннем Божай любові, сілы і радасці. Хрыстос Уваскрос!

Белы параход

oksana-zaika4
Не памятаю на якое наццацігоддзе бацькі падарылі мне аднакасетны магнітафон "Электроніка" і тры касеты да яго. Дзве чыстыя і адну з тагачаснымі эстраднымі хітамі. Дарэчы, касеты былі айчынныя, таму вельмі хутка папсаваліся, Аднак рамантычны "Белы параход" у выкананні Ю. Антонава паспеў "пазаразіць" марай аб моры-акіяне. І хоць потым я слухала зусім іншую музыку, тая мара засталася. Праўда параход пераўтварыўся ў яхту да якой дадалося белае бунгала на беразе акіяна, ранішнія прагулкі ў белай доўгай сукенцы па пляжу з хлопцам падобным на Кіану Рыўза, Дэнзэла Ўашынгтона і Дзіму Харацьяна разам. Хаця, не.. гэта быў не хлопец, таму фантазійнаму кавалеру тры ў адным было ўжо крыху за трыццаць і кашуля ў яго была таксама белая. В обшчэм, для дзяўчыны, якая інфармацыю пра жыццё атрымлівала з кніг, фільмаў і СМІ - нармальная мара.

Даўно гэта ўсё было...

Паметкі:

Прыемнасць

Атрымала амаль пад восьмага сакавіка гэтага снегавіка-канькабежца ў падарунак ад ksysh_ka. Дзякую! І за паштоўку, і за вельмі цёплыя словы віншавання.

snowman

Во-о-ось такі вялікі

mathew

Гэтаму таварышу споўнілася сёння тры гады. Ён не толькі адзіны хлопчык сярод чатырох дзяўчынак нашага сямейства, ён яшчэ і нарадзіўся ў лютым. Дзяўчыны ўсе кастрычніцкія. Мацею - тры. Постацю ён падобны на дзеда, тварам мешаны ў маму з татай. Характар даволі спакойны, у межах здаровага дзіцёнка, які кожны дзень адкрывае для сябе штосьці новае. Віруозна малюе на шпалерах, не грэбуе і падлогай, але шпалеры яму болей падабаюцца.

Здымак рабіла сама, рукамі трымала камеру, носам націскала на "пумпачку", таму ён крыху крывы. Зато мой.))

Паметкі:

Блытаніна

Frederick Morgan -The young gallant
                                                                  Фрэдэрык Морган - Галнтны маладзён
13-га ўвесь дзень была ўпэўнена, што сёння 14-га і не магла зразумець, што адбываецца, чаму ніхто нідзе нікога не віншуе з днём закаханых. Ні табе сэрцайкаў, амурчыкаў, стрэлаў, сумных статусаў пра адзіноту, рамантычных пажаданняў... Ці то народ раптам антыгламурны вірус падчапіў, ці стаміўся ад святаў, ці забыўся на яго, ці яшчэ што здарылася?
Здарылася. Толькі не з народам, а з маёй галавой, З усімі сваімі пабытовымі праблемамі я так затлумілася, што быццам перасялілася ў іншае вымярэнне. Дзякуй Богу, праблемы пакрысе пачалі вырашацца, мяркую да вясны ўсё будзе добра. Аднак пакуль яшчэ пэўная млявасць і абыякавасць да жыцця не адпускаюць. Вось і блытаю даты, дні ды паролі. А што да дня святога Валянтына... думаю, што самотная дзяўчынка з малюнка напіша ў кантакце сумны статус пра адзіноту і будзе мець рацыю.))

P S. Дасюль здзіўляюся хуткасці з якой гэтае свята ў нас стала народным, бо памятаю яшчэ часы, калі ніхто і не ведаў пра дзень усіх закаханых. Вось такая я старая.))

Паметкі:

Вохаю

Вох, як цяжка з падлеткамі, з іх вечным бунтам супраць усяго навокал. Дае сілы толькі любоў, бо тваё ж дзіця і разуменне, што перад Богам ты сама магчыма горшая за гэтага падлетка.

Цяжказразумелае

Толькі што паглядзела невялікую перадачу нейкага ўкраінскага тэлеканала з рамантычнай гісторыяй пра жыццё. Здаровы хлопчык і дзяўчынка з не самай лёгкай формай ДЦП сустрэліся, пасябравалі, пакахалі  адзін аднаго, пажаніліся, нарадзілі здаровага дзіцёнка, памірыліся з яго бацькамі. Распавядаю маме: "вось так і так адбылося". Мама моўчкі слухае, тяжка ўздыхае і кажа: "Ніколі гэтага не зразумею". Напэўна ўявіла сябе на месцы бацькоў хлопца.

Бібліятэчнае

Недзе ў пятым класе мама запісала мяне ў бібліятэку. Я пра гэта нічога не ведала, проста аднойчы дома з'явілася тоўстая кніга ў зялёнай вокладцы пра дзяцінства і юнацтва А.С. Пушкіна. У хатняй бібліятэцы такой не было. Чытала некалькі тыдняў, шкадавала маленькага Сашу за нелюбоў маці і адзіноту, прынамсі, так падаваліся іх адносіны ў тым рамане. На той момант цяжка сабе было ўявіць большую адзіноту, за матчыну нелюбоў ці хутчэй недалюбоў, а мо' і не да канца праяўленую любоў. У нашай сям'і мама дасюль застаецца самым блізкім чалавекам для кожнага з дзяцей, хай ужо і дарослых.

Такім недалюбеным роднай мацеркай і застаўся недзе ў падсвядомасці вялікі рускі паэт на ўсё жыццё.
library
Мая бібліятэка, хоць сама там ніколі не была. Звычайна пісала маме спіс і з надзеяй чакала яе вяртання. Вельмі часта кніжак з майго спісу ў бібліятэцы не было, але мама прыносіла шмат (каб хапіла надоўга) іншых, незнаёмых, старых і новых кніг. Калі сярод іх траплялася нешта насамрэч захаплялнае я магла выпасці з рэчаіснасці на пэўны час...  так і жыла.

Уздыхацельнае

"...увечары пачынаецца плач, а на раніцу - радасць" (Пс. 29:6) Слушныя словы пра зменлівасць нашых настрояў, эмоцый, рэакцый на абставіны, а то і саміх абставін. Праўда ў мяне плач пачаўся з раніцы, а ўвечары прыйшоў супакой. Удзячная ўсім, хто сёння званіў, пісаў у скайп і нават перадаваў кавалак торта і цукеркі з вечарыны ад удзелу ў якой мне прышлося адмовіцца. Раніцай шкуматала мазгі ад уяўнай тупіковасці абставін, а ўвечары на сэрцы палагоднела, бо - не адна. Як бы там ні было...

Мазгі яшчэ не раз будзе шкуматаць, бо пэўныя праблемы патрабуюць вырашэння мне пакуль не вядомага. Хоць, думкі на гэты конт ў галаве круцяцца розныя. Божухна, дай мне розуму і моцы на прыняцце правільных рашэнняў. І дай мне не быць адной...
У пазамінулым годзе недзе ў Мінску быў збіты хлопец з інваліднасцю, які пісаў пра гэтую падзею і яе развіццё ў сваім дзённіку тут, тут і тут.

У той гісторыі ўсё проста: адразу бачна хто мае рацыю, а хто неадэкватны і хворы на ўсю галаву (як мы казалі ў дзяцінстве). У цяперашняй гісторыі са збіццём інваліда ў метро вельмі цяжка зразумець, хто там не хворы на ўсю голаву. Нават інэт-цкаванне падазраваных выклікае адчуванне нечага хваравітага.
Дасталі сёння ўнучкі дзеда, ён усхадзіўся ды паганяў іх крыху. А пакрыўджаныя дзяўчаты прыйшлі да мяне скарзіцца на дзеда. Выслухала іх і кажу:
- Дзед мае рацыю, бо вы няправільныя дзеці.
- Ну-у-у, І-і-і-інга! Што мы рабілі? Нам, што і пасмяяцца нельга? - абурылася Альбіна, а за ёй галоўны парушальнік дзядулінага і бабулінага пакою Ленка.
- Вядома ж, нельга! Правільныя дзеці ніколі не смяюцца, не скочуць па кватэры, бы коні, не сварацца паміж сабою, не спрачаюцца за наўтбук, не ядуць мехамі цукеркі, не рагочуць над кожным словам і шмат іншых "не"... Правільныя дзеці прачынаюцца раніцай і моўчкі ўмываюцца, потым хуценька падымаюць мяне з ложку, снедаюць нечым карысным і моўчкі сыходзяць некуды ў куток пакуль мне не спатрэбіцца іх дапамога. А ў самых правільных дзяцей наогул ёсць кнопка і як толькі дзядуля ад іх стоміцца, іх можна выключыць. У вас ёсць кнопка?
- Ха-а-а-а, гэта не дзеці, а робаты! - зарагатала Ленка
- Ага, яшчэ правільныя дзеці ўвесь дзень чытаюць падручнікі хіміі і рашаюць задачы, - дадалая, смяючыся Альбіна.
- Не, гэта ўжо іншы варыянт правільных дзецей, так бы мовіць, бабуліна версія, - паправила я, - а мы тут абмярокоўваем версію дзядулі. Дык, не шуміце, дайце яму адпачыць крыху.

Дзеўкі яшчэ троху пажартавалі на тэму дзяцей з кнопкамі і супакоіліся. Праўда, Ленка пэўны час хадзіла па кватэры ў стылі робата Вертара.

  Josef Kriehuber
Josef Kriehuber (1800-1876) Рамантычна-гістарычная версія правільных дзяцей-дзяўчынак.

Паметкі:

Малітоўна-пабытовае

Раніцай, каб спыніць залеву нараканняў на жыццё, абставіны і Бога хуценька пачала маліцца. Ляжаць было больна, здавалася, што ад болю адваліцца нага, а ляжала ў такім становішчы, што сама ніяк не павярнуся. Адсюль і енк: "Божа Ўсемгутны, не прашу ж нічога толькі крыху моцы, каб самой уставаць ды класціся". І такая ўжо няшчасная была ў той момант, і так ужо шкадавала сябе, што не прасіла ні пазбавіць ад адзіноты, ні поўнага аздараўлення, нічога. Ах ты, Божа мой, ці не бачыш, як я тут душою ўпакорваюся, што амаль нічога не прашу, Такое ўпакорванне яшчэ больш шкадобы да сябе дадала. Бо ведаю ж, што вось гэтага "амаль нічога", мне адразу стане надта мала, захочацца і поўнага аздараўлення, і астатніх даброццяў зямнога жыцця.

Добра, што Бог чуе і адказвае на розныя малітвы, нават самыя жаласныя. Кажучы евангельскімі словамі, Святы Дух крануўся сэрца і розуму. Спачатку сышлі эмоцыі, а потым і думкі змяніліся. І малітва стала іншай, быццам унутраны позірк перавёўся з мяне няшчаснай, але такой любімай на Госпада. А ў Ім усё і веліч, і магутнасць, і любоў, і ўпэўненасць у маім заўтрашнім дні. Зноўку ўпэўнілася, што жыццё верай магчыма толькі ў выпадку, калі гляджу на Яго. У астатнім - усе намаганні быць моцнай духам пераўтвараюцца ў бурбалку пры першай жа нясцерпнай болі + адсутнасць дапамогі блізкіх. Дарэчы, боль знік даволі хутка, яшчэ раней эмоцый. Калі нарэшце я дачакалася дапамогі настрой быў бадзёры і ніразу не пакрыўджаны на жыццё.

З,Ы. Мне каву нельга піць наогул, а то буду ў жж усе асабістасці пісаць...

Новагодняе

З Новым Годам! У двары ўзрываюць "пекарды". Па ім я і зразумела, што ён настаў, сама ў гэты момант глядзела файны душэўны фільм пра каханне "Куфар продкаў". Замілаваная хэпіэндаўскімі абдымкамі закаханых герояў я прапусціла той самы момант, калі па традыцыі трэба падымаць келіхі і крычаць "З новым годам". Вярнуўшыся ў рэчаіснасць, заўважыла поруч цукеркі. З'ела цэлых чатыры! Прыслухалася. Сумленне маўчыць. М-м-м, шакалад такі смачны сёння. Пашчоўкала тв-каналы. Святкуюць. Ярка, але па ўсіх каналах аднолькава. Калі пільней прыслухацца да сумлення я пачую ціхае, але настойлівае: "Не марнуй час, ідзі зрабі штосьці карыснае". Можа яму цкуерку даць, каб яно яшчэ троху памаўчала, пакуль музыка скончыцца?

Паметкі:

readingПамятаю, як на адным з бабруйскіх форумаў у беларускамоўным топіку зайшла гаворка пра сучасную беларускую літаратуру. Гаворка пачалася с сцвярджэння, што акрамя Карактевіча і Быкава па-беларуску чытаць няма чаго. Вядома ж, я не стрымалася, уставіла сваё: "ёсць чаго!" і хуценька пабегла шукаць які-небудь раман ці аповесць па-беларуску з сучасных. Шукала ў сеціве, у эл. варыянце трапіўся мне "Лабух" У. Няклаева. Адразу ж, пішу на форуме: "Вось чытаю тое і сёе пра наша сучаснае жыццё".

Лабух. Чакала нечага пра музыкаў, рэстараны, пошук сэнса жыцця і ўсё гэта ў нашай супярэчлівай рэчаіснасці. Сцэны ў ложку? Ну як жа ж без іх? Бо атрыманне асалоды любымі сродкамі ёсць з адных найвялікшых ідалаў сённяшняга свету. Аднак мая непадрыхтаваная свядомасць не вытрымала навалы гэтых сцэнаў у рамане. Кінула чытаць у той момант, калі галоўны герой пачаў залятацца да маці сваёй юнай каханкі. На жаль, так і не зразумела ці было ў рамане нешта яшчэ акрамя разнастайна і мастацка выпісанных ілюстрацый да фройдаўскай тэорыі пра чалавека.

Дапускаю, што проста я ўзялася не за сваю чытанку. На форуме так і прышлося пісаць: "не маё". Цяпер вось прачытала ў фб добрыя водгукі пра новы раман У. Някляева, узяла цікаўнасць пра што ён... 

Паметкі:

Радаснае

"Узвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе ўсім людзям: бо сёння нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Гасподзь". 

Няхай прыдзе ў сэрца тая вялікая радасць, што некалі адчыніла нябёсы перад пастухамі і тыя ўбачылі дзіўныя для сябе рэчы - шматлікае войска нябеснае, якое славіла і хваліла Бога. Няхай Святы Дух кранецца сэрца, каб у ім адбылося падобнае адкрыццё нябеснай радасці ад нараджэння Збаўцы, Хрыста Госпада. Няхай усе атрыбуты свята зоймуць сваё месца далёка за Хрыстом, некалі нованароджаным, а цяпер Збаўцай і Госпадам. Са святам!

Sokolova
Маст. Наталля Сакалова "Раство Хрыстова"

Profile

michalinka
michalinka

Календар

Тра 2014
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Лічбы

Распрацавана LiveJournal.com